АРАМЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з семіцкіх моў. У 14—11 ст. да н. э. арамеі сяліліся ў Сірыі і Месапатаміі, адкуль арамейская мова распаўсюдзілася на ўвесь Б. Усход. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 9—8 ст. да н. э. У 7—4 ст. да н. э. арамейская мова — міжнародная мова Б. і Сярэдняга Усходу. На ёй напісаны асобныя часткі Бібліі і Талмуда. Складалася са шматлікіх дыялектаў, у т. л. стараарамейскіх пальмірскага і набатэйскага, мандэйскага (мовы рэліг. кніг мандэйцаў 3—8 ст.), эдэскага, на аснове якога ўзнікла сірыйская, а пазней новасірыйская (асірыйская) мова. Пасля арабскіх заваяванняў паступова выцясняецца арабскай мовай. Некаторыя дыялекты арамейскай мовы ўжываюцца толькі ў асобных рэгіёнах Сірыі, Паўн. Месапатаміі, Ірака і Ірана.

Л.М.Ляшчова.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)